Belarusian

Patriarchal Proclamation of Christmas 2010 in Belarusian.

21 Δεκεμβρίου 2010

Patriarchal Proclamation of Christmas 2010 in Belarusian.

+  ЛАСКАЙ БОЖАЙ

+  АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ – НОВАГА РЫМУ

+  І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

+

+  УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ

Любыя браты і блаславёныя дзеці ў Госпадзе,

Сярод цьмянай атмасферы панавання апошнім часам па ўсім свеце шматстайнага крызісу – эканамічнага, сацыяльнага, маральнага і, у першую чаргу, духоўнага, які спарадзіў у людзях памнажэнне гневу, горычы, разгубленасці, заклапочанасці, трывогі, расчаравання і страху за заўтрашні дзень, салодка гучыць голас Царквы:

«Прыйдзіце, верныя, і духам уздымемся да Боскага, і пабачым Божае зыходжанне з нябёс, у Віфлееме нам аб’яўленае…»

(Сціхера 6-й гадзіны на Раство Хрыстова).

Хрысціяне маюць непахісную веру ў тое, што Бог не проста абыякава спазірае з вышыняў на шлях чалавека, якога Ён Сам стварыў на Свой вобраз і падабенства. Так, учалавечанне Яго Адзінароднага Сына і Слова было ад пачатку Яго “добрай воляй”, Яго адвечным жаданнем, Яго “спрадвечнай задумай” –  успрыняць на сябе з надзвычайнай любові створаную Ім чалавечую прыроду, каб учыніць яе “сулучнай з Божай прыродай” (2 Пятра 1:4). Сапраўды, Бог пажадаў гэта яшчэ да падзення Першаствораных, і нават да самога іх стварэння! Пасля падзення Першаствораных “спрадвечная задума” аб Уцялесненні прыняла Крыж, Бязвінныя Пакуты, Жыццядайную Смерць, Сашэсце ў пекла, і трохдзённае Уваскрэсенне, каб раз і назаўжды быў пакладзены канец граху, які бясчынна ўварваўся ў стварэнне і атруціў ўсё, а таксама смерці, якая спотайку пранікла ў жыццё, і чалавек мог напоўніцу скарыстацца адвечнай спадчынай Айца.

Аднак Боская ласка Раства не абмежоўваецца выключна адвечным. Яна таксама тычыцца і таго, што мае дачыненне да нашага зямнога падарожжа. Хрыстос прыйшоў у свет, каб абвесціць Царства Нябеснае і каб нас увесці ў Яго, аднак, Ён прыйшоў таксама, каб дапамагчы і ацаліць чалавечую слабасць. Цудатворным чынам і шматразова ён наталяў натоўпы тых, хто слухаў Ягоныя словы, ачышчаў струплёных, уздымаў спаралізаваных, даваў зрок сляпым, слых – глухім, голас – нямым, вызваляў апанаваных ад нячыстых духаў, уваскрашаў памерлых, абараняў правы тых, хто цярпеў уціск, і тых, хто быў адрынуты; Ён асуджаў няправеднае багацце, жорсткасць да бедных, крывадушніцтва і пыху ў чалавечых стасунках, і Ён аддаў Самога Сябе як прыклад добраахвотнай самаахвяры дзеля ўсіх іншых! Пэўна, гэтае вымярэнне весткі Божага ўцялеснення варта асабліва падкрэсліць у сёлетняе Раство. Многія іншыя людзі і іншыя хрысціяне перажываюць страшэныя спакусы ў бурлівым крызісе. З’явілася незлічоная колькасць беспрацоўных, новых беднякоў, бяздомных, моладзі з “разбуранымі марамі”. Аднак Віфлеем перакладаецца як “Дом Хлеба”! Таму мы, веруючыя хрысціяне, мусім дзяліцца з нашымі братамі ў турботах не толькі “хлебам сутным”, гэта значыць Хрыстом, які ляжыць спавіты ў простых яслях у Віфлееме, але і надзённым ядомым хлебам, патрэбным для выжывання, і ўсім “патрэбным для цела” (Як. 2: 16). Цяпер час практычнага ўвасаблення Евангелля з годным пачуццём адказнасці! Час дакладнага ажыццяўлення словаў апостала: “Пакажы мне веру тваю са справаў тваіх” (Як. 2: 18)! Час і магчымасць, каб узняць розум да Боскіх рэчаў, на вышыню высакароднай цноты Любові, якая набліжае нас да Бога.

Гэта мы дабравесцім усім дзецям Усясветнага Патрыярхату са святой і пакутніцкай кафедры, Царквы бедных дзеля Хрыста, заклікаем на ўсіх Божую міласць і бязмежную міласэрнасць, мір і ласку Учалавечанага ад Духа Святога і Марыі Дзевы Адзінароднага Сына і Слова Божага, Якому належыць слава, улада, пашана і пакланенне, з Айцом і Духам на вякі вечныя. Амін.

Фанар Раство  2010

+Варфаламей Канстанцінопальскі

Ваш палымяны хадайнік перад Богам